| У імміграцыйным судзе |
[Тра. 12, 2008|11:26 am] |
Натыкнуўся днямі на артыкул пра прыгоды Шыдлоўскага. На жаль, яго прыклад не ўнікальны, і віной таму натоўпы беларускіх псэўдабежанцаў, што імкнуцца за кошт цяжкай палітычнай сытуацыі ў краіне атрымаць магчымасьць легалізацыі за мяжой. Выпадкі здараюцца проста анекдатычныя, а часам і абуральныя. У Амэрыцы зазвычай чалавеку вераць на слова, але нашыя суайчыньнікі так згвалцілі гэтую сыстэму, што тут цяпер ня вераць нікому. У якасьці ілюстрацыі я вырашыў працягнуць апісваць свае баданьні з амэрыканскай бюракратыяй. Зрэшты, у іх таксама ёсьць свае рацыі, пра якія чытайце ніжэй.
Сёньня было другое паседжаньне ў папярэдніх слуханьнях (master hearing) у маёй справе. Так-так, калі хто ня ведае, імміграцыйная служба сказала, што я не прадставіў дастаткова доказаў і скіравала справу на дэпартацыю мяне ў імміграцыйны суд.
Суддзя патрапіўся досыць добры. У ЗША ёсьць суддзі, якія ніколі не даюць прытулак. У Дэнвэры ў прынцыпе даюць, але ёсьць адзін суддзя ў мясцовым судзе, які пару год таму выслаў 16-гадовага хлопца ў Гватэмалу, адмовіўшы яму ў прытулку. Хлопца забілі празь 7 дзён. Мне, канешне, такія жахі не пагражаюць, але я ўсё ж рады, што мая справа не патрапіла да гэтага "сталпа справядлівасьці".
На папярэдніх слуханьнях суддзя выслухоўвае пазыцыі бакоў, а ў мяне ёсьць магчымасьць прадставіць дадатковыя дакуманты ў падмацаваньне сваёй справы. 1 красавіка суддзя прызначыў дату перадачы дакумантаў на 19 траўня, але пасьля нечакана зсунуў яе на тыдзень, г.зн. на сёньня.
Да абароны ў гэтай справе я наняў нятанную, але вельмі вядомую адвакацкую фірму, якая сьпецыялізуецца на імміграцыйных справах. У адвакаты мне далі маладую дзеўчыну Кельлі, таму што вырашылі, што справа мая ўвачавідная, і ніякіх складанасьцяў там не прадбачыцца.
Кельлі перачытала ўсе дакуманты зь беларускіх судоў, якія я ёй даў, і сказала, што такога жаху яна яшчэ ня бачыла, і не ўяўляе, як я магу пра гэта гаварыць са сьмехам. Але апошнім часам яна таксама пачала сьмяяцца з фармулёвак беларускіх суддзяў. Так што па-ціху яна звыкаецца з нашымі рэаліямі беларускай справядлівасьці.
Карацей, сёньня перад паседжаньнем суда яна сказала, што запрапануе дзяржаўнаму пракурору зьдзелку: маўляў, справа ўвачавідная, і няма чаго губляць часу ані суддзі, ані нашага. Імміграцыйны суд у Дэнвэры завалены справамі, і асноўныя слуханьні, напрыклад, мой суддзя прызначае на... праз паўтара гады.
Перад пачаткам паседжаньня пракурор выйшла, і Кельлі сказала суддзі, што хоча запрапанаваць ёй зьдзелку. Суддзя сказаў, што ён выйдзе з залі паседжаньняў, калі яна вернецца, каб мы маглі спакойна абмеркаваць гэта ўсё. Далей перадаю дыялёг.
К(ельлі): Я паглядзела справу майго кліента, ён працаваў журналістам, быў палітычным актывістам дэмакратычных сілаў... П(ракурор): Да чаго Вы вядзеце? К: Мы хацелі б запрапанаваць зьдзелку. П: Не, мы не заключаем зьдзелак з беларусамі. Зь Беларусі было столькі падманшчыкаў, што мы заўсёды напалягаем на слуханьні справы ў судзе. Калі Вашыя (зьвяртаючыся да мяне) дакуманты сапраўдныя, і тое, што Вы кажаце, было насамрэч, я выбачаюся перад Вамі. Але я проста не магу пайсьці на гэты крок.
Вяртаецца суддзя.
С(уддзя): Ну што, вы дамовіліся? П: Не, мы не згаджаемся. С: Ну што ж, будзем прызначаць тады дату слуханьняў. К: Мой кліент баіцца за сваю жонку, якая засталася ў Беларусі. Мы хацелі б прасіць Вас разгледзець справу як мага хутчэй. П: (да мяне) А Вашая жонка можа выехаць у іншую бясьпечную краіну? Я: Не. С: Я пагляжу, што можна зрабіць (гартае свой працоўны графік)... Я прызначаю слуханьні на 22 траўня 2009 году на 9 раніцы. Гэта самы раньні тэрмін, які я магу прызначыць. К: Дзякуй. С: На якой мове будзем весьці слуханьня? Ангельская мова будзе нармалёва?
(Мы перад тым абмяркоўвалі гэта з Кельлі, і яна сказала, што хаця маёй ангельскай дастаткова для суда, але будзе лепш, калі мы папросім іншую -- не ангельскую і не расейскую -- мову, каб зьвярнуць увагу на ўнікальнасьць справы. Я сказаў, што лепш за ўсё будзе беларуская, але імміграцыйнай службе цяжка будзе знайсьці перакладчыка. На другім месцы польская. Кельлі казала тады, што імміграцыйная служба знаходзіць перакладчыкаў нават самых экзатычных моваў.)
К: Мой кліент хацеў бы мець пераклад на беларускую мову. П: У нас заўсёды ўсе справы зь Беларусі слухаліся па-расейску. Я думаю, што ён і па-расейску зразумее. К: Калі ў вас няма беларускага перакладчыка, то мы хацелі б мець польскага. С: Я крыху арыентуюся ў беларускіх справах. Беларуская мова вельмі адрозьніваецца ад расейскай, гэта розныя мовы. Будзьце ласкавыя, знайдзіце беларускага перакладчыка. У вас на гэта ёсьць год.
На гэтым паседжаньне скончылася. Яшчэ пракурор сказала, што яны УСЕ дакуманты правяраюць на аўтэнтычнасьць (хаця ў выпадку з маімі дакумантамі пацьвердзіць іх аўтэнтычнасьць могуць толькі беларускія ўлады, а да іх імміграцыйная служба ня мае права зьвяртацца), і што гэта зойме сама меней паўгады. І яшчэ яны будуць правяраць правільнасьць перакладу дакумантаў на ангельскую мову.
Карацей, адзіны шанец цяпер прыскорыць справу -- гэта калі ў іх будуць ужо вынікі экспертызы, паспрабаваць ім запранаваць пазасудовую зьдзелку яшчэ раз. |
|
|
| Comments: |
Трымайцеся! Будзем спадзявацца ўсё скончыцца добра! Аказваецца судзьдзі-самадуры ёсьць і ў Амэрыцы :(
Калі б не было столькі падманшчыкаў, то і суддзі б не ставіліся так скептычна да расповедаў. У ЗША (зрэшты, у Беларусі ўжо таксама) існуе цэлая індустрыя па прыдумваньні бежанскіх легендаў і падробцы дакумантаў. Хаця гэта сувора караецца, але кліентаў у гэтых прахадзімцаў па-ранейшаму шмат.
Дарэчы, амэрыканскія заканадаўцы зрабілі правільную рэч: тэрміну даўнасьці на падман імміграцыйных уладаў не існуе. Калі б не высьветлілася, што чалавек маніў, ён можа быць высланы з краіны з пажыцьцёвай забаронай на ўезд. У тым ліку гэта датычыць тых, хто грамадзянства атрымаў (яго забіраюць). І па-мойму гэта справядліва.
і што ты маеш рабіць гэты год? працаваць жа нельга?
Не, дазвол на працу далі. Лягчэй стала.
У, гэта самае галоўнае, віншую!
трымайцеся! нашыя танкі гразі не баяцца..:)
Дзяк. Але лепш бы нашым танкам зь іхнімі не зьвязвацца ;)
А за что тебе убежище давать?
трымайся, Юрась, думаю што ўсё гэта вырашыцца. нажаль толькі, што тэрмін такі жахлівы, і што людзі нашыя такія сумленныя...
Вось і я пра тое.
Мая сястрычка дагэтуль ня можа зразумець, чаму я ёй у 2000 годзе адмовіўся маляваць ліпавыя паперы пра тое, як яна з рэжымам змагалася (яна заўсёды на ўсе прапановы пайсьці на дэманстрацыю адказвала: "Я што, дурная?"). Яна па-ранейшаму думае, што я кепскі, таму не захацеў. А вось калі бачыш, як такім людзям, як Шыдлоўскі адмаўляюць у даверы, бо зашмат падманшчыкаў было, лішні раз пераконваешся, што ўсё правільна зрабіў.
>>Зь Беларусі было столькі падманшчыкаў
:(
трымайцеся. Хутчэй бы можна было назад вернуцца... | |
|
|