Home
Нататкі эмігранта - Фотарэпартаж з South Park [entries|archive|friends|userinfo]
Юрась Зянковіч

[ website | Мой сайт ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Фотарэпартаж з South Park [Сак. 16, 2008|06:24 pm]
Папярэдні запіс Дадаць да запамінаў Паведаміць сябру Наступны запіс

Ледзь не адразу, як я прыехаў у Каларада, сябры і знаёмыя па Сеціве пачалі мяне прасіць: зрабі рэпартаж з Саўс Парк, ну зрабі... Дарэмна даводзілася тлумачыць, што такога мястэчка на мапе Каларада няма, што гэта выдумка. І вось нарэшце сёньня зусім выпадкова я гэтае месца знайшоў. Пад катам фотарэпартаж з паездкі туды.

Нядзеля пачыналася як звычайна, за выключэньнем таго, што ўчора ў мяне зьявілася невялічкая замова, якую трэба рэалізаваць. Але з нагоды нядзелі працаваць не хацелася зусім. Мозг грызла адна думка: чым сябе заняць і куды зьезьдзіць. Пасьля пэўных роздумаў я ўключыў Google Earth і пачаў глядзець, чаго тут у навакольлі ёсьць цікавага, чаго я яшчэ ня бачыў.

Неяк выпадкова знайшоў мястэчка Альма, у аннатацыі пра якое было напісана, што гэта самы высокагорны населены пункт ва ўсіх Злучаных Штатах. "О!" — вырашыў я, — "Вось туды і паеду, тым больш, што ехаць недалёка, нейкія 100 міляў".

Альма і Фэйрплэй

Пачаў пракладаць маршрут. Аказалася, што даехаць туды можна двума шляхамі: або ўжо даўна знаёмай I-70, зь якой за Дыланаўскім водасховішчам належыць павярнуць налева на хайвэй CO-9, або таксама добра знаёмым, але яшчэ не такім заезжаным мною хайвэем штата CO-285, зь якога ў Фэйрплэй трэба павярнуць направа на ўсё той жа CO-9. У выніку вырашыў, што туды паеду паўночным шляхам, а назад паўднёвым.

Падарожжа па I-70 апісваць ня буду, бо рабіў гэта ўжо шмат разоў. Хаця горы не перастаюць мне падабацца і кожны раз паўстаюць у іншым абліччы.

А вось за Дыланаўскім водасховішчам я не надоўга спыніўся на гарналыжным курорце Брэкэнрыдж. Уласна спыніўся, пабачыўшы канатную дарогу, што праходзіла над шашой. Аказалася, што яна яшчэ і дармовая — пабудаваная за сродкі горада. Вышэй на гары знаходзяцца гарналыжныя спускі, але паркінгаў там не хапае для ўсіх жадаючых, таму ўлады вырашылі зрабіць паркінг у самым цэнтры мястэчка, а ад яго да ўласна пад'ёмнікаў і трасаў праклалі канатную дарогу. Ёй я і скарыстаўся, пракаціўшыся туды і назад.

Канатная дарога над шашой

Паехалі

Шаша пад канатнай дарогай

Вагончыкі

Двойчы мы міналі паваротныя станцыі. Там вагончыкі прытарможвалі, адчыняліся дзьверы, і каму трэба, той мог выйсьці. Далей вагончыкі паварочвалі налева на 90 градусаў.

Першая станцыя

Ад'езд з першай станцыі

Другая станцыя. Побач будуюцца розныя гатэлі і рэстарацыі.

І вось нарэшце паказалася трэцяя, канцавая станцыя. Тут жа знаходзяцца касы, у якіх можна набыць квіткі на пад'ёмнікі. Дарэчы, ня танна — аднадзённы пропуск 85$. Можна набыць на паўдні. А можна нават для тых, хто без лыжаў. Але будзе ўсё адно ня танна — 20$. Мяне задушыла жабба.

Тут таксама можна набыць або ўзяць на пракат лыжы ці сноўборды, камбінезоны, наняць трэнера. Тут жа знаходзіцца станцыя ратавальнікаў.

Народу было процьма — яблыку не было дзе ўпасьці. Яно і зразумела: зіма сканчаецца, яшчэ які месяц, і сэзон зачыніцца. Тым больш, што сёньня нядзеля, і ёсьць усе ўмовы для лыжаў: тэмпература -1 -3, сьнежны пакроў 2,5 мэтры. Хутка так файна ня будзе.

Канцавая станцыя

Сноўбардзісты і лыжнікі

За Брэкэнрыджам дарога пайшла ў гару, і хутка я мінуў зноў кантынентальны водападзел, але ў адваротны бок (першы раз яго мінаеш праз тунэль Эйзэнхаўэра або па аб'яздной трасе вакол яго).

Кантынентальны водападзел і ўказальнік

Надвор'е, як гэта часта бывае ў гарах, пачало псавацца, і за перавалам я патрапіў у пургу. Уласна, гэта быў ня сьнег, а я проста ўехаў у сьнежную хмару. Бачнасьць была амаль нулёвая — усё засланяў сьнежны туман. Затое калі я спускаўся крыху ніжэй, сьнег раптоўна пераставаў. А пасьля зноў угару — і ў пургу.

Від з перавала: надвор'е псуецца

Як было сказана на ўказальніку вышэй, праз пяць міляў прамога, але крутога спуску ў даліну я ўехаў у мястэчка Альма — самы высокі населены пункт ЗША (10578 футаў раўно 3224 мэтрам над узроўнем мора).

Уезд у Альму

Уласна, назваць нешта такое мястэчкам цяжка: вёсачка на 15-20 двароў, дзьве прыдарожныя крамкі.

Альма 

А яшчэ тут ёсьць салун. Вось тут я і пачаў разумець, куды я патрапіў:

Салун у Альме

Пару міляў далей ляжала іншае мястэчка — Фэйрплэй. Сталіца графства Парк. Тут нават ёсьць царква, школа, пошта, два гатэлі і будынак уладаў графства (з наш сельсавет які). Ну і яно большае за Альму — двароў 50 будзе. Тут нават ёсьць гарадзкая паліцыя ў складзе двух паліцэйскіх, якія патрулююць горад на машынах чамусьці расфарбаваных у розныя колеры.

Вуліца у Фэйрплэй

Вуліца ў Фэйрплэй

Царква ў Фэйрплэй 

Указальнік на ўезьдзе ў Фэйрплэй інфармаваў усіх, што тут як раз і ёсьць Саўс-Парк.

Саўс-Парк тут!

Тое, пра што даўна гаварылі бальшавікі прасілі стужкасябры, здарылася: я знайшоў яго. Вось ён які — легендарны і непаўторны горад Паўднёвы Парк:

South Park City

South Park City

South Park City

South Park City 

Пагуляўшы па мястэчку, я зайшоў у мясцовы гатэль, які па сумяшчальніцтву зьяўляецца сувенірнай лаўкай, і набыў там фірмовы кубак. Так-так, сябры, я цяпер буду піць гарбату з кубку з Саўс-Парка!

Але чаму я ня мог яго так доўга знайсьці? Таму што Саўс-Парк — гэта не горад, а цэлы раён. Чытайце на прыдарожнай шыльдзе:

Што такое Саўс-Парк?

А вось што гэта такое! 

Калі ў вас не чытаецца, то перакладаю:

"Заселены першабытнымі паляўнічымі, любімае месца паляваньня індэйцаў, зямля і поле бітвы, наведаны Пайкам у 1806 годзе, перасечаны Фрэмонтам у 1844 годзе, на стала заселены шукальнікамі золата ў 1859 годзе".

Саўс-Парк, сябры — гэта не горад. Гэта вялізная пласкагорная тэрыторыя, большая частка якой знаходзіцца ў юрысдыкцыі графства Парк штата Каларада. І мультфільм не пра жыхароў аднаго горада, а пра жыхароў гэтых вялізных абшараў. Яны — самыя высотныя жыхары Злучаных Штатаў, яны забраліся пад самыя аблокі, на вышыню больш як 3000 мэтраў. Вось як Саўс-Парк выглядае са спадарожніка.

South Park

СпасылкаАдказаць

Comments:
[User Picture]From: [info]katechizis
2008-03-17 12:34 am (UTC)

(Link)

гэта ж круцей, чым нават трапіць у Бабруйск ці дабрацца да Керчы :)
з.ы. можна лічыць, што ты жыцьцё ўжо пражыў не дарма :)
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 12:44 am (UTC)

(Link)

Ну, у Бабруйску я быў, Керч бачыў праз праліў некалькі разоў...

А вось Саўс-Парк я не глядзеў ні адной сэрыі. Чамусьці не цягне. Хаця калі кінеш лінк, мо і зьбяруся паглядзець.
[User Picture]From: [info]katechizis
2008-03-17 12:55 am (UTC)

(Link)

кідаю лінкі:
google.com
youtube.com
:)
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 02:23 am (UTC)

(Link)

Не, па такіх лінках я глядзець не пайду :)
[User Picture]From: [info]b0rmann
2008-03-17 08:01 am (UTC)

(Link)

у кіно пайдзі ;)
[User Picture]From: [info]dzienn
2008-03-17 11:42 pm (UTC)

(Link)

Няўжо ты ніколі ня бачыў гэтых чувачкоў: Photobucket
Нават я бачыў ;)
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 11:43 pm (UTC)

(Link)

Чувакоў бачыў. Мультфіль ня бачыў.
[User Picture]From: [info]dzienn
2008-03-18 09:50 pm (UTC)

(Link)

паглядзі! :)
я таксама доўгі час лічыў што гэта нешта накшталт бівіса-батхэда - хня й муйня. а неее...:)
[User Picture]From: [info]sashenkamelb
2008-03-17 03:52 am (UTC)

(Link)

Класс!Сколько снега навалило.
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 03:54 am (UTC)

(Link)

Гэта ўжо палова растаяла. Застаўся толькі ў гарах, а на раўнінах сьнегу ўжо няма.
[User Picture]From: [info]ml_forever
2008-03-17 04:17 am (UTC)

(Link)

алілуя.. %)
[User Picture]From: [info]abrykos
2008-03-17 09:36 am (UTC)

(Link)

2 я знайшоў яго

Блін, Юрык! Я ведаў, што ў Каларада ёсьць мясьцінка з такой назвай, бо ТВ паўсюдь пра адно і той ж гаворыць.

А ты ЗНАЙШОЎ!

Але дзякуй за фоткі :)
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 03:00 pm (UTC)

(Link)

Севярыне, мясьцінкі такой няма. Ёсьць пласкагор'е, якое так называецца. А тое, што бачыў я — гэта рэканструкцыя населенага пункту 1850-х гадоў.
[User Picture]From: [info]l_u_f_t
2008-03-17 10:06 am (UTC)

(Link)

ура! в меморис!
[User Picture]From: [info]shtolik
2008-03-17 11:10 am (UTC)

(Link)

а ў чым сэнс рабіць сьцяну, якая глядзіць на вуліцу, простакутнай? што за вычварэньне... хаця затое пазнавальна%)
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 03:02 pm (UTC)

(Link)

Не зразумеў: якую сьцяну?
[User Picture]From: [info]shtolik
2008-03-17 06:47 pm (UTC)

(Link)

Я пра сьцены дамоў у саўс парку - south park centinel, напрыклад. Дах з нахілам - а пярэдняя сьцяна прастакутняя.
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 07:25 pm (UTC)

(Link)

Ня ведаю. Будынкі 19-га стагоддзя тут часта так выглядаюць. Відаць, сэнс той самы, што і такія надбудоўкі ў эўрапейскіх барочных дамах.
[User Picture]From: [info]annie_minsk
2008-03-17 02:20 pm (UTC)

(Link)

Класс! Он существует! Спасибо Вам!
Интересно, там уже проводят экскурсии?
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 03:06 pm (UTC)

(Link)

Ну, у ЗША як такавыя экскурсіі праводзяцца ў музэях. Нейкі музэй у Фэйрплэй таксама ёсьць, але зараз не сезон, і турыстаў безнадзейна мала. А прыехаць і пагуляць можна. У гатэлі, дзе я кубак купляў, да прыкладу пакой на адну асобу каштуе 75$ (са сьняданкам), на дзьве — 100$. Дарэчы, нятанна па мясцовых мерках, тым больш, што гатэль, мякка кажучы, не пяцізорны, а ў стылі 19-вечных гатэляў з вэстэрнаў. Хаця зь іншага боку за тое і дзяруць грошы %)
[User Picture]From: [info]kartsel
2008-03-17 10:00 pm (UTC)

(Link)

скажыце, дзе гэны саус парк? у якім штаце? бо гуглмас паказвае саус парк толькі ў пэнсыльваніі ля пітсбургу. а там, па мойму, няма такіх высокіх гор. ці я памыляюся?
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 10:02 pm (UTC)

(Link)

Шукайце Fairplay, Colorado
[User Picture]From: [info]kartsel
2008-03-17 10:12 pm (UTC)

(Link)

проста атрымліваецца, што ў ЗША не адзін саус парк. і той большы акурат знаходзіцца ў пэнсыльваніі ля пітсбургу. гл. у гугл мапс
[User Picture]From: [info]ziankovich
2008-03-17 11:34 pm (UTC)

(Link)

Я ведаю. Але той, пра які вядзецца, знаходзіцца ў Каларада.