| Мэмуары Вашчанкі-Пазьняк |
[Крс. 18, 2008|11:56 am] |
Пад час размовы з жонкай я даведаўся, што "Народная Воля" друкуе мэмуары жонкі Зянона Пазьняка Галіны Вашчанкі. "Там ёсьць і пра цябе", — кажа жонка. — "І, што дзіўна, нэўтральна, хаця Вашчанка шмат на каго плявузгае". Я нават крыху зьдзівіўся — у свой час расстаўся я з Пазьняком і ягонай супругай ня лепшым чынам, а з таго часу бачыліся толькі раз (год таму ў Варшаве), і яны абодва зрабілі выгляд, што мяне і маю жонку ня ведаюць. І гэта пры тым, што мая цешча і Вашчанка — сяброўкі яшчэ са студэнцкіх часоў, і мая жонка зь яе дачкой у дзяцінстве сябравалі і хадзілі адна да адной на дні народзінаў. Больш таго — ужо пасьля майго шлюбу Вашчанка рэгулярна ўзводзіла паклёп на мяне, распавядаючы маёй цешчы (а празь яе жонцы), які я кепскі. Зараз мы гэта ўсё ўзгадваем з усьмешкай, але тады, у першыя гады шлюбу, гэта стварала вялізарныя праблемы. Гэта было настолькі брудна, што мая цешча, якая ад мяне не ў захапленьні (што, зрэшты, вельмі часта сустракаецца ў жыцьці), ня вытрымала і папрасіла Вашчанку больш не тэлефанаваць і нічога пра мяне не казаць.
Дык вось, пад катам вытрымка з гэтага артыкулу (цалкам можна прачытаць тут). Але мушу заўважыць, што спадарыня Галіна перабольшвае сваю ролю і прымяньшае маю. Па-першае, зьвяртаўся да Пазьняка я не празь яе, а асабіста (яна прыехала ў Варшаву ў канцы чэрвеня, а першыя сустрэчы з Пазьняком і дамоўленасьці пра ягонае спрыяньне, а не вырашэньне маёй справы, адбываліся ў канцы красавіка і ў траўні; калі сп.Галіна прыехала ў Варшаву, ужо, здаецца, нават загад рэктара быў падпісаны). А па-другое, тыя першыя тры (а не два, як у артыкуле) нумары Пазьняк рыхтаваць проста ня мог, бо быў у ЗША. Ён дасылаў уласныя артыкулы. Рэшту працы рабіў я і намесьніца рэдактара "Nowego Państwa" спадарыня Стшэльчык. Я тады тэлефанаваў знаёмым журналістам зь Беларусі і "выпрошваў" артыкулы ў "Беларускія Ведамасьці", між іншым у paulyuk, дзякуючы якому я пасьля патрапіў на працу ў "Беларускі Рынак". Менавіта гэта сталася асноўнай прычынай майго сыходу ад Пазьняка — там грошы плацілі, у адрозьненьне ад яго. А вымоўка была названая слушная — я спаслаўся на недахоп часу.
А спадарыню Стшэльчык ўвогуле ў зьвязку зь "Беларускімі Ведамасьцямі" ня ўзгадваюць, што ня робіць аўтарцы гонару. Менавіта сп.Стшельчык рабіла ўсю рэдактарскую працу ледзь не да 10-га нумара (столькі я сачыў за лёсам "Беларускіх Ведамасьцяў"). У тым ліку падрыхтавала польскі шаблён (беларускі на яго базе зрабіў пасьля я — ён дагэтуль у мяне ў электронным архіве ляжыць), на якім пасьля Пазьняк "падбіраў шрыфты" (якія ўжо даўна былі падабраныя). Пазьняк жа, які на той час пра выдавецкую справу ўяўленьне меў вельмі цьмянае (як, дарэчы, і я — для мяне "Беларускія ведамасьці" сталіся школай журналістыкі, за што я Пазьняку вельмі ўдзячны), ня мог усяго гэтага рабіць проста таму, што ня ўмеў.
Вось такія папраўкі. Можа аўтарка ўсё ж пра іх даведаецца і іх унясе. Хаця б дзеля захаваньня гістарычнай праўды.
( Read more... ) |
|
|
|
|