Home
Нататкі эмігранта - 27 студзеня 2008 [entries|archive|friends|userinfo]
Юрась Зянковіч

[ website | Мой сайт ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

студзеня 27, 2008

Ізноў паліцыя [Стд. 27, 2008|09:25 am]

Усё ж такі не спыняе мяне зьдзіўляць амэрыканская паліцыя. Кантраст зь ментамі надта вялікі, і кожны раз у мяне літаральна культурны шок адбываецца.

Паехала мая суседка Маша гуляць з сабакамі ў сабачы парк (сьпецыяльна адгарожаная пляцоўка). Паехала на сваёй "сабачай" машыне — тым самым старым огры-пантыяку, на якім я езьдзіў першыя дні, а цяпер на ім сабак возяць.

Тэлефануе праз 5 хвілінаў — заглохла ў некалькіх мілях ад дому і ня можа завесьціся. Дамовіліся, што я вазьму запасныя ключы ад яе машыны і прыганю яе да месца здарэньня.

На месцы Маша папрасіла мяне пасідзець у пантыяку і паспрабаваць угаварыць яго ўсё ж завесьціся (па-мойму, там нейкія там праблемы са старцерам), а яна тым часам завязе сваю маму з сабакамі ў парк і вернецца назад хвілінаў праз 10.

Яшчэ на пад'езьдзе ў мэтрах 100 ад Машы і яе машыны я пабачыў, як коп "дручыць" некага — спыніў і правярае па поўнай праграме, па-мойму нават штраф выпісваў. Маша зьехала, пакінуўшы мяне ў машыне на вуліцы. Коп адпусьціў таго гаротніка і пад'ехаў да мяне. Праз акенца пытаецца:

— Што, сапсаваліся?

— Ага.

— Трэба вуліцу вызваліць. Я да Вас ззаду прыстроюся, а Вы перастаўце перадачу на нэўтралку, і я Вас саштурхну вунь на тую стаянку (мэтрах ў 50).

— Добра.

Перастаўляю каробку на нэўтралку. Коп акуратна прыстройваецца сваім ударнікам (вось, аказваецца, як яшчэ можна гэтыя ўдарнікі выкарыстоўваць — хто б здагадаўся?!) да задняга бампэру, уключае сырэну з мігалкамі і пачынае мяне штурхаць. На павароце на стаянку ён акуратна прытармазіў, і туды я ўляцеў ужо па інэрцыі.

Машына спынілася, коп пад'ехаў, усьміхнуўся і на разьвітаньне памахаў рукой.

Здавалася б дробязь, але як прыемна, калі паліцыя ня толькі штрафуе і карае, але яшчэ і дапамагае.

P.S. А машыну пасьля эвакуатар падабраў і давёз да хаты. На тым тыдні прыедзе былы машын бойфрэнд, які яе ў мінулы раз рамантаваў, і будзе глядзець, што здарылася.

СпасылкаПракамэнтаваць

navigation
[ viewing | студзеня 27, 2008 ]
[ go | Папярэдні дзень|Наступны дзень ]