| Трагедыя, пра якую зноў гавораць у сьвеце |
[Стд. 22, 2008|07:17 pm] |
Мінулагадовы фільм Анджэя Вайды "Катынь" атрымаў намінацыю на Оскара як лепшы неангельскамоўны фільм. А гэта азначае, што трагедыя, ахвярамі якой сталіся ў тым ліку і беларусы, зноў прыцягвае ўвагу сьвету, бо цяпер гэты фільм пойдзе ў пракат паўсюдна.
Хачу нагадаць, што ў подлым нападзе на Польшчу Савецкага Саюзу беларусы і ўкраінцы ня ўдзельнічалі — са зразумелых прычынаў савецкае камандаваньне зрабіла ўсё, каб іх перанесьці ў іншыя часткі, каб яны ня ўдзельнічалі ў "вызвольным паходзе". Мой дзед, які быў прызваны з Украіны ўлетку 1939 году, таксама ня ўдзельнічаў у гэтай кампаніі. Затое ва ўсіх астатніх савецкіх агрэсіях удзельнічаў.
А з польскага боку змагалася шмат нашых землякоў. Нямала іх і сярод афіцэраў, якія былі расстраляныя ў 1940 годзе ў трох савецкіх лягерох.
Я глядзеў гэты фільм. Ён робіць цяжкое ўражаньне і не пакідае сумневу — паміж фашыстамі і бальшавікамі для паняволеных народаў не было розьніцы. Забівалі як адныя, так і другія. Забівалі цынічна, у імя панаваньня над усім сьветам. |
|
|